СУБТРАПІ́ЧНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць фітацэнозаў, пашыраных у субтрапічных паясах. Адрозніваюць расліннасць сухіх, паўсухіх і вільготных субтропікаў. У субтрапічных пустынях С.р. прадстаўлена эфемерамі і эфемероідамі; у абласцях міжземнаморскага клімату — вечназялёнымі (пераважна цвердалістымі) лясамі (з сямействаў букавых, лаўравых, магноліевых, хвойных і інш.) і згуртаваннямі вечназялёных (маквіс, гарыга, фрыгана) або лістападных кустоў (шыбляк); у вільготных субтропіках — вечназялёнымі шыракалістымі лясамі з прымессю лістападных парод (каштан, клён, дуб, ясень і інш.), мноствам эпіфітаў і ліян.

А.​Я.​Яротаў.

т. 15, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)